Want to create interactive content? It’s easy in Genially!

Get started free

Выцінанка

Валентина

Created on December 9, 2024

Start designing with a free template

Discover more than 1500 professional designs like these:

Newspaper Presentation

Audio tutorial

Pechakucha Presentation

Desktop Workspace

Decades Presentation

Psychology Presentation

Medical Dna Presentation

Transcript

Барановичи читающие

Тема номера:Выцінанка - традыцыйнае мастацтва выразання з паперы ў Беларусі

Февраль, 2025

#28

4 снежня 2024 года Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА падчас 19-й сесіі (г. Асунсьён, Парагвай) прыняў рашэнне аб уключэнні элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Выцінанка – традыцыйнае мастацтва выразання з паперы ў Беларусі” ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Спасылкі на дадатковую інфармацыю можна атрымаць, зрабіўшы клік па тэксту
Выцінанка (выстрыганка, выразка) – ажурны ўзор або кампазіцыя, выразаная з белай, чорнай ці каляровай паперы, – від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Прынцып стварэння выцінанкі – наразанне краёў шматразова складзенага аркуша паперы, у выніку чаго выразаны матыў дакладна паўтараецца адпаведна колькасці складвання.

"Я работніца-пчала. Дзе я толькі не была!.." (Станіслаў Шушкевіч) Студэнтка БарДУ Лопух Марыя. 2018 г.

Выцінанка мае даўнюю гісторыю, звязаную з вынаходніцтвам паперы ў старажытным Кітаі. У хуткім часе гэты арыгінальны матэрыял быў асвоены майстрамі і для мастацкай творчасці. У XV ст. праз Персію і Турцыю ажурныя папяровыя ўзоры трапілі на Еўрапейскі кантынент – спачатку ў Італію, a неўзабаве сталі вядомыя і па ўсёй Заходняй і Цэнтральнай Еўропе. Першымі ўзорамі беларускай выцінанкі лічацца кустодзіі – папяровыя накладкі пад сургучныя пячаткі, якія з’явілася на тэрыторыі Беларусі ў часы Вялікага княства Літоўскага. Папяровымі кустодзіямі аздоблены дакументы з многіх гарадоў Беларусі: Гродна (1767 г.), Мінска (1705 г., 1766 г.), Полацка (1691 г.), Пінска (1653 г.), Брэста (1642 г.), Віцебска (1684 г.), Нясвіжа (1602 г.).

"…Красуе ландыш на паляне Ва ўзнёсласці вясенніх мар…" (Клаўдзія Трысцень) Студэнтка БарДУ Лопух Марыя. 2018 г.

Беларуская выцінанка стала самастойным відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва толькі ў пачатку XIX стагоддзя. У розны час яна перажывала свой росквіт і затым зноў станавілася абсалютна забытым відам дэкору. Толькі ў канцы 1980-х гадоў, дзякуючы вядомаму беларускаму вучонаму і даследніку Я. М. Сахуце, з’яўляюцца публікацыі, у якіх аўтар звяртае ўвагу на выцінанку як на самастойны від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Канец XX і пачатак XXI стагоддзяў прынеслі выцінанцы вялікую папулярнасць як сярод прафесійных мастакоў, так і аматараў.

"…І на свеце, чым яно, грыбное, Шчасця, пэўна, лепшага няма..." (Казімір Камейша) Студэнтка БарДУ Лопух Марыя. 2018 г.

Трыумфальнае вяртанне выцінанкі, выпрацоўка адметнай стылістыкі і нацыянальных рысаў звязана з творчасцю журналіста, пісьменніка і фатографа Вячаслава Дубінкі. Падтрымліваючы традыцыі землякоў, ён выразаў свае папяровыя дзівосы, тыя ўзоры, што запалі ў душу з дзяцінства. І, спалучаючы мясцовыя традыцыі і ўласнае бачанне магчымасцей выцінанкі, здолеў узняць яе на вышыню сапраўднага мастацтва. Працяглы час Вячаслаў Дубінка быў ці не адзіным слынным майстрам. Яго выцінанкі – творы станкавага мастацтва, блізкія да графікі, дэманстравалі як унікальную з’яву на шматлікіх выставах, для многіх сучасных майстроў сталі тым самым вектарам, які дапамог адшукаць ім свой шлях у творчасці.

"…Цяжкая ад зямных шчадрот, Галінка з вішнямі чырвонымі…" (Сяргей Законнікаў) студэнтка БарДУ Лопух Марыя. 2018 г.

“Падаю на калені! Край наш будзе добры і шчаслівы, пакуль ёсць Вы!” – гэта прызнанне Уладзімір Караткевіч зрабіў Вікторыі Чырвонцавай, педагогу і народнаму майстру, якая заснавала Маладзечанскую школу выцінанкі, адзіную ў Еўропе. Прафесійную падрыхтоўку будучым творцам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва даюць на аддзяленні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.-К. Агінскага. Сучасная беларуская выцінанка аб’ядноўвае ў сабе традыцыйную фальклорную форму і прафесійнае станковае мастацтва. Адрозніваецца выразнасцю кампазіцыі і стылізацыі вобразаў, лаканізмам форм і сілуэтаў. У беларускай выцінанцы дасягаецца гармонія арнаментальных ажурных элементаў і сілуэтаў. Сучасныя майстры мастацкай вытынанкі вызначаюцца выразнай творчай манерай і характэрным аўтарскім почыркам, распрацоўваюць цікавы стылістычны кірунак выцінанкі.

"Вадзянік" (Максім Багдановіч) студэнтка БарДУ Бугрова Вікторыя. 2016 г.

Менавіта прафесійныя мастакі паступова ўзнялі выцінанку да ўзроўню высокага мастацтва. Як аказалася, традыцыйныя мастацкія рамёствы – зусім не “архаіка” або музейны набытак, а вельмі сучасная з’ява, якая пры ўмелым, беражлівым, клапатлівым падыходзе арганічна і натуральна ўключаецца ў наш сучасны побыт. Элементы выцінанкі прымяняюць у стварэнні афармлення розных святаў. Выцінанка ў рамцы пад шклом успрымаецца як каштоўны жывапісны ці графічны твор. Выявы выцінанкі выкарыстоўваюцца ў сучасных тэкстыльных рэчах, у дызайне наручных гадзіннікаў (калекцыя VYCINANKA), у асвятляльніках, паштоўках, у якасці кніжных ілюстрацый, у тэатры, на эстрадных пляцоўках – поле дзейнасці шырокае.

"Лесавік" (Максім Багдановіч) студэнтка БарДУ Віткоўская Кацярына. 2016 г.

Кнігі як культурны феномен адлюстроўваюць ступень цывілізаванасці і развіцця культуры народа. Нацыянальная літаратура садзейнічае распаўсюджванню культурнага вопыту. Каб быць унікальным у вялізным свеце мастацкага слова, важна арыгінальна аформіць выданне. Гэтаму садзейнічаюць арганічна ўбудаваныя ў прастору кнігі выразаныя з паперы элементы. Мастацтва ажурнага выразання фарміруе асаблівы мастацкі стыль выдання. Мастакі, працуючы ў жанры кніжнай графікі, выкарысталі ў мастацкім афармленні беларускіх кніг паэзіі, прозы, дзіцячай літаратуры старадаўняе беларускае майстэрства выцінанкі, трансфармавалі яе ў ілюстрацыі да літаратурных твораў.

"Адчыню я акенца на зорцы ды ўпушчу ў пакой сівы ранак…" (Зінаіда Русак) студэнтка БарДУ Філіпава Дар'я. 2018 г.

Першым выкарыстаў выразаныя з паперы ўзоры для афармлення кніг, зрабіў са звычайнай выцінанкі паўнавартасную кніжную ілюстрацыю, надаў гэтаму віду мастацтва другое дыханне Вячаслаў Дубінка. Ім былі аформлены кніжныя выданні твораў Святланы Басуматравай, Валянціны Хамчук, Галіны Каржанеўскай. Асабліва арганічна яго папяровыя фантазіі выглядаюць у кніжках для дзяцей “Жывыя літары” Артура Вольскага, “Казка пра паўліна” Вольгі Іпатавай. Кнігі серыі “Фальклорныя скарбы Беларусі” – “Адкуль праўда і крыўда: беларускія народныя легенды і былічкі”, “Добрая прыказка як да мяшка прывязка: беларускія народныя прыказкі з рускімі і англійскімі адпаведнікамі”, "Вадзiца-царыца, усяму свету памачнiца: беларускія замовы з пераказам на рускую і перакладам на англійскую мову" перш за ўсё прыцягваюць увагу сваім шыкоўным аздабленнем – выцінанкамі.

Выстава работ студэнтаў БарДУ “Пошукі непаўторнасці” ў выставачнай зале краязнаўчага музея г. Баранавічы. 2017 г.

Творчы падыход студэнтаў Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, удзельнікаў гуртка дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва аддзела культуры і творчасці БарДУ пад кіраўніцтвам Л. Р. Капузы, вылучаецца ў выкананні ілюстрацыйных работ у стылі выцінанкі на тэмы, прысвечаныя жыццю і асветніцкай дзейнасці Францыска Скарыны, творчасці Максіма Багдановіча і іншых беларускіх пісьменнікаў. Лепшыя работы экспанаваліся на рэспубліканскіх выставах сучаснай візуальнай творчасці студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў “АРТ-АКАДЭМІЯ”, “ГРАНІ ТВОРЧАСЦІ” і, як пераможцы конкурсаў, былі адзначаны дыпломамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Выстава работ студэнтаў БарДУ “Пошукі непаўторнасці” ў выставачнай зале краязнаўчага музея г. Баранавічы. 2017 г.

Кніжныя выданні, ілюстраваныя адметным відам беларускага народнага мастацтва – выцінанкамі, натхняюць на пазітыўнае, нестэрэатыпнае і вобразнае мысленне. Кнігі, шыкоўна аздобленыя выцінанкамі, прыцягваюць увагу, маюць мноства дробных дэталяў, якія можна разглядаць вельмі доўга і інтэрпрэтаваць па-рознаму. Ад іх не адвесці вачэй! Гартайце, чытайце, разглядайце, забаўляйцеся – і выразайце!
Выкананне выцінанкі дае велізарны прастор для творчасці. Гэтаму спрыяе вялікая колькасць выдадзеных у апошні час дапаможнікаў з гатовымі малюнкамі, схемамі, а таксама інтэрнэт-сайты з майстар-класамі. Як традыцыйнае мастацкае рамяство выцінанка добра праілюстравана ў літаратуры.