Want to create interactive content? It’s easy in Genially!

Get started free

Advent 2024 - Гродзенскі адвэнт-каляндар

Hrodna life

Created on November 26, 2024

Start designing with a free template

Discover more than 1500 professional designs like these:

Interactive Event Microsite

January School Calendar

Genial Calendar 2026

Annual calendar 2026

School Calendar 2026

2026 calendar

January Higher Education Academic Calendar

Transcript

гродзенскі

адвэнт-каляндар

10

11

12

13

14

15

16

17

18

19

20

21

22

23

24

23

19

Сабраць комба “месцаў Вітаўта” ў Гродне

Вітаўта Вялікі - персанаж нашай гісторыі, які мае ў Гродне не адно сваё месца. Самае вядомае - паіж Старым і Новым замкамі, дзе стаіць драўляны помнік - падарунак літоўцаў з пачатку 90-х, адзін у адзін як ля замку ў Троках. Гісторыя з’яўлення гэтага Вітаўта цікавая, бо спачатку ён меў стаяць у Лідзе, але нешта пайшло не так. Другі драўляны Вітаўт, не такі стары, стаіць у двары брыгіцкага кляштара, побач з драўляным лямусам. І сімвалічна, што ля помніка ляжаць фрагменты разбуранай у 1961 годзе Фары Вітаўта. Трэцяе “месца Вітаўта”, але без Вітаўта - помнічак “Пагоня на Грунвальд” каля Каложскай царквы. Лічыцца, што менавіта там вялікі князь збіраў свае харугвы перад Грунвальдскай бітвай.

14

Наведаць стары млын на Ласасянцы

Фрагменты сцен на беразе бурлівай рэчкі — усё што засталося ад 300-гадовага млына. Мост, пракладзены праз Ласасянку побач, быў у пачатку XIX ст. памежным: з аднаго боку была Расійская імперыя, а з іншага - Прусія, а пазней Царства Польскае. Казалі, што праз той масток трэба было ехаць два тыдні! Справа была ў розніцы ў календарах: з аднаго боку ракі трымаліся Грыгарыянскага, а з іншага - Юліянскага, таму даты не супадалі і пераязджаючы з усходняга берага на заходні можна было за хвіліну перанесціся з 14 снежня адразу ў 27-е! Цяпер “машына часу” не працуе, але ля руін старога млына варта быць асцярожным, каб не забіцца і не патапіцца. Не дарма ж нашы продкі верылі, што ля млыноў жывуць нячысцікі! Адважных жа гродзенцаў хапае, бо, па чутках, руіны млына аматары скалалажання выкарыстоўваюць як палігон!

Больш пра млын тут: https://hrodna.life/articles/ruinyi-na-lasasyancyi/

Гродзенская загадка: чаму паўсюль Чапаева называюць Васілій Іванавіч, а ў Гродне - Васілёк?

17

Старая байка, якую самыя маладыя гродзенцы ўжо не памятаюць і хіба не зразумеюць. Сённяшняя вуліца Васілька атрымала сваю назву ў 1994 годзе, а раней доўгі час называлася ў гонар Чапаева. На ёй жа і стаяў помнік Чапаева. Першыя гады пасля перайменавання яшчэ здаралася блытаніна і даводзілася тлумачыць: “На вуліцы Васілька, то бок Чапаева”. Адсюль і байка, што ў Гродне знакамітага савецкага камдзіва называлі памяншальна-ласкава.

А вы памятаеце цэлую эпапею, як знік і нечакана вярнуўся на гродзенскія вуліцы Васіль Іванавіч?

24

Пабачыць шопкі ў касцёлах Гродна

Раство ўжо заўтра (прынамсі ў тых, хто святкуе па Грыгарыянскім календары), а святкаваць можна пачынаць наогул сёння ўвечары. Традыцыйныя шопкі-батлейкі - сцэны з Евангелля пра нараджэнне Ісуса - здаўна з’яўляюцца ў гродзенскіх касцёлах напярэдадні свята. І тут не так важна, ці практыкуючы вы католік ці наогул не верыце ў вышэйшых істот. Проста прайдзіцеся прынамсі па чатырох цэнтральных каталіцкіх святынях Гродна і паглядзіце, як яны ўпрыгожаны да свят. Гэта ўжо апошняе акенца ў нашым адвэнт-календары. Дзякуй, што былі з намі! Радасных Калядаў і шчасця ў Новым годзе!

23

Знайсці сабе святочную фотазону

У Гродне хапае крутых фотазонаў, а да зімовых святаў іх стала яшчэ больш. Знайдзіце месца на ваш густ, сфатаграфуйцеся і зрабіце пост у любімай сацсетцы з пажаданнем сабе на наступны год. Выбар патэнцыйных фотазон вялізны - гэта могуць быць елкі на плошчах, калядны кірмаш, упрыгожанні крамаў, гарадская ілюмінацыя. Сёлета ў Гродне выбар ці не найбольшы за апошнія гады!

10

Наведаць калядны кірмаш і выпіць глінтвейну

Святочны кірмаш адкрыўся на Савецкай плошчы 9 снежня - і будзе працаваць да 13 студзеня. А з 13 снежня святочныя шапікі будуць працаваць і на Леніна. На кірмашы можна будзе купіць стравы прыгатаваныя на агні, салодкае, а таксама выпіць глінтвейну! А ў рамеснікаў і гандляроў можна будзе пашукаць падарункі да святаў, якія набліжаюцца. Заданне з зорачкай: абысці да святаў гродзенскія ўстановы, дзе падаюць глінтвейн, пакаштаваць у кожным месцы і падзяліцца з сябрамі рэкамендацыяй, дзе ж найлепшы глінтвейн у Гродне.

Набыць гродзенскі талончык на памяць

У 2025 сыдуць у гісторыю старыя кампосцеры. Талончыкі таксама зменяцца. Варта купіць на памяць стужку старых талонаў, а потым праехаць на тралейбусе. Паспрабуйце злавіць самы стары гродзенскі тралейбус - ЗіУ-9 з гаражным нумарам 187, які катаецца па вуліцах горада ўжо 35 гадоў. Звычайна ён працуе на маршрутах 3, 9 або 11.

Сфоткаць гродзенскіх катоў

Коцікі ў Гродне - самыя мі-мі-мішныя ў Беларусі! Летам іх прасцей сустрэць на вуліцы, а зімой можна паўзірацца ў вокны ў старым горадзе - яны часта там дзяжураць, пільнуючы парадку на родных вуліцах. На выпадак сустрэчы з бяздомным коцікам абавязкова насіце з сабой некалькі пакецікаў вільготнага корму - каб пачаставаць пухнасцікаў, бо ў халады ім асабліва важна не губляць калорыі! Дарэчы, сфоткаць можна не толькі жывых катоў, але і іх скульптуры. Напрыклад, мілага драўлянага ката каля воданапорных вежаў Касі і Басі.

Калі хочаце дапамагаць бяздомным коцікам больш сістэма - наведайце інтэрнэт-старонкі “Адданага сэрца”.

Гэта арганізацыя шмат гадоў дапамагае бадзяжным жывёлам і нават стварыла адмысловы “дом для коцікаў”, дзе жывёлкі без гаспадароў могуць жыць і чакаць добрага чалавека, які іх забярэ.

16

Святы блізка - час купляць паштоўкі

Купіце паштоўкі з Гродна або іншымі мясцовымі матывамі, напішыце пажаданні і рыхтуйцеся адпраўляць іх блізкім і сябрам або ўкладваць у падарункі. Паштоўкі можна купіць на пошце, у кнігарнях, у добрых крамах з сувенірамі -”Цудоўня”, “Лёля”, “Предмет” ды іншых. Нават у фудтраку-кавярні “Жоўты” і краме “Ратушны” на Савецкай яны прадаюцца! Заданне з зорачкай - адправіць паштоўку чалавеку, з якім вы даўно не размаўлялі і не звязваліся. Бо рабіць сюрпрызы надзвычай прыемна!

Піва Westvleteren 12

Пятніца - час на піва! А пакуль гродзенскі піўзавод на рэканструкцыі, узгадаем адно з самых знакамітых піваў свету, якое больш за 80 гадоў таму зварыў у Бельгіі гродзенец Мацей Шафранскі. Ён прыдумаў рэцэпт Westvleteren 12 для манастыра Святога Сікста, які здаўна займаўся броварствам. Сёння набыць гэта эксклюзіўнае піва даволі складана.

Падрабязнасці тут: https://d3pt8vtj0yb2r5.cloudfront.net/articles/trappist-westvleteren-12/

Пачаставацца гродзенскімі чабурэкамі

Успаміны пра чабурэкі з Гродна грэюць душу і прымушаюць страўнік марыць аб іх непаўторным смаку. Самыя легендарныя былі ў двух месцах на Ажэшкі: у “Чабурэчнай” і ў кафэ “У старога млына”. Сёння смачна паесці можна ў “Чабурэчнай” на Віленскай, 1 і ў “Рэтра-чабурэк” на Ажэшкі, 36.

22

Паціснуць руку Жыліберу

Адчуйце сябе турыстам і зрабіце тое, што робяць звычайна дзясяткі тысяч гасцей. А яшчэ можна патрымацца за кій Жылібера. Вядома, гаворка пра скульптуру ля ўваходу ў парк: “месцы для трымання” на ёй бачныя адразу, бо ўжо моцна выцертыя. Цікава, што насамрэч скульптура называецца “Гараджанін XVIII ст.”. Гэта таму, што ставіць іменны помнік у Беларусі значна больш складана: шмат фармальнасцей і зацвярджэнняў на найвышэйшым узроўні. З цікавостак: кажуць, што гродзенскі Жылібер мае твар былога дырэктара мясцовага тэлеканала, але гэтую чутку мы не будзем абвяргаць ці пацвярджаць, а проста пакінем вам на праверку. Што яшчэ часам робяць гродзенцы з Жыліберам? Зімой, здараецца, яму павязваюць шалік. А ў выцягнутую левую руку паміж пальцамі ўстаўляюць цыгарэту. Некалькі разоў, бывала, што адрывалі кій, але гэтага рабіць мы вам дакладна не раім.

Паглядзець мазаіку на “Радыёхвалі”

Мазаічнае пано ў 1977 г. стварылі гродзенскія скульптары і мастакі Анатоль Салятыцкі, Анатоль Гаршкавоз, Уладзімір Церабун і Генадзь Буралкін. Гэта адна з самых вялікіх манументальных прац у Беларусі! Мазаіка - вельмі працаёмкая тэхніка. На жаль, зараз, калі кавалкі абвальваюцца, іх ужо не могуць замяніць новымі, а проста дамалёўваюць страчаныя фрагменты фарбамі.

Больш пра савецкую мазаіку ў Гродне: https://hrodna.life/articles/mazaiki-u-grodna/

Перайсці пешшу Стары мост

Гэта дапаможа зняць сурок. Нашыя продкі верылі, што калі ўсё кепска, трэба перайсці праз ваду, што бяжыць. Калі гэта сапраўды сурок, то дапаможа. Але праз мост можна прайсці і проста так - пафатаграфаваць горад і раку, а таксама паглядзець, як ідзе рэканструкцыя бровара.

21

Узгадаць стары Стары замак

Гэта не памылка - мы сапраўды напісалі двойчы слова “стары”, бо маем на ўвазе той самы замак да рэканструкцыі: з пушкамі ля ўваходу, рыпучымі драўлянымі падлогамі і мурам над Нёманам, на якім усе любілі фатаграфавацца. Вось і Васіль Быкаў адно з самых знакамітых сваіх фота зрабіў на той самай сцяне.

Паўтарыць здымак сёння ўжо немагчыма, бо гэта месца забудавалі. Але прыгадаць можна, як і іншыя месцы Быкава ў горадзе - акурат заканчваецца юбілейны год і варта яшчэ раз успомніць выбітнага пісьменніка, які столькі гадоў пражыў у Гродне.

Схадзіць у кнігарню “Раніца” і купіць кнігу, якую даўно хацелася мець

13

Для многіх “Раніца” - успамін з дзяцінства ці маладосці. Доўгія гады яна лічылася найлепшай кніжнай крамай у горадзе. Было амаль рытуалам зайсці туды ў выхадны дзень і, не спяшаючыся, пагартаць прыгожыя выданні, навінкі, бестселеры, што-небудзь з краязнаўства - у кожнага свая любімая тэма. Паўтарыце гэта! Калі кніг у вас так шмат, што няма куды класці, цалкам можна прыглядзецца да календароў ці штодзённікаў на 2025 год.

Знайсці 800-гадовы адбітак пальца на сцяне Каложы

Каложа вядомая сваімі таямніцамі і арыгінальнымі канструктыўнымі рашэннямі. У сцены ўбудаваныя гаршкі для лепшай акустыкі. У сцяне схаваны ход з лесвіцай на хоры. У падлозе ёсць археалагічнае акно, каб пабачыць рэшткі незахаванай калоны. Сучасны алтар наогул падарыў царкве Уладзімір Мулявін з “Песняроў”. Але хіба самая нечаканая знаходка - два адбіткі пальцаў людзей, якія захаваліся з часоў будаўніцтва царквы. Відаць, нейкі рабочы ўлез пальцам у яшчэ мяккую плінфу - і так застаўся назаўсёды ў гісторыі. Адшукайце гэтыя цагліны на вуглу царквы злева ад галоўнага ўваходу.

Знайсці мемарыяльную дошку ў гонар Зоф’і Налкоўскай

Шыльду з барэльефным партрэтам Налкоўскай усталявалі ў 1989 г. на доме па вуліцы Акадэмічнай, 15, дзе знакамітая пісьменніца жыла ў 1924-26 гг. Зараз гэтую аўтарку ў Гродне мала памятаюць, хаця ва ўніверсітэце ёсць музей Налкоўскай, а раней была кафедра польскай мовы і літаратуры. Налкоўская была ў свой час сапраўднай зоркай фемінісцкага руху, цікавілася палітыкай (і нават дыскутавала з Пілсудскім пра будучыню Польшчы), дапамагала вязням гродзенскай турмы. Ды і наогул у пэўным сэнсе працягвала справу Элізы Ажэшкі. Налкоўская лічыла Гродна глыбокай правінцыяй, але захаплялася ягонай прыродай. Пакідаючы Гродна ў канцы 1920-х напісала знакамітыя словы:

«Калі я згадваю пра Гродна, то яго няяркая затуманеная прыгажосць здаецца мне нейкім дзіўным палімпсестам. Стагоддзі пакінулі тут, на тым самым месцы, цудоўныя ўзоры, што змяняюцца ўвесь час».

15

Сфоткаць краявід з Новага замка

Паспрабуйце знайсці тры незвычайныя ракурсы для фота з пагорка, на якім стаіць Новы замак. Як вядома, большасць турыстаў абірае адну кропку - з відам на суседні Стары замак. Каб не паўтарацца, пашукайце цікавыя альтэрнатыўныя варыянты.

Знайсці “слана” ў Фарным касцёле

На галоўным алтары, на самым версе, ёсць чатыры скульптуры - алегорыі кантынентаў. Сярод іх жанчына са шлемам у выглядзе галавы слана (ці кракадзіла?) - увасабленне Афрыкі. Паразглядайце ўважліва скульптуры: ім амаль 300 гадоў і яны надзвычай цікавыя!

12

Талер Баторыя

Вялікі кароль Стэфан Баторый памёр у Гродне 12 снежня. Да яго панавання манетны двор ВКЛ быў у заняпадзе. Баторый правёў манетарную рэформу і загадаў біць срэбныя манеты - талеры. Тады пачалі змяшчаць польскага Арла і літоўскую Пагоню побач з сабой на адной манеце, а не як раней - асобна на польскіх і літоўскіх манетах. Талер Баторыя важыў 28,23 грам срэбра 884-й пробы. Сярод калекцыянераў цэняцца рэдкія талеры, якія Баторый біў для сябе самога ў роднай Трансільваніі. У Гродне копію талера ў турыстычны сезон можна самастойна выбіць на турыстычнай лакацыі паміж Старым і Новым замкамі.

18

Зуб маманта

Яго многія гродзенцы павінны памятаць з дзяцінства. Ён ляжаў у першай зале гісторыка-археалагічнага музея і ўражваў дзіцячае ўяўленне. Зуб сапраўднага маманта! Насамрэч, іх у гродзенскім музеі некалькі. Іх знаходзілі ў міжваенны час і на ўскраінах горада, тыпу Ласосны, і ў цэнтры, на сучаснай Сацыялістычнай. Былі ў нашым горадзе знаходкі костак і зубоў мамантаў і раней, у царскія часы. Хаця экспазіцыя ў замку за апошнія гады змянілася, той самы мамантаў зуб усё яшчэ можна пабачыць на выставе.

Гербарый Элізы Ажэшкі

А вы ведалі, што знакаміты домік Ажэшкі на вуліцы яе імя - не арыгінал, а муляж, пабудаваны ў 1976 годзе (прачытайце тут).

Яшчэ шакуючых фактаў? Калі ласка: гербарыяў Ажэшкі было шмат і тыя, што можна пабачыць у Гродне - не самыя значныя. Гісторыка-археалагічны музей мае выкананы пісьменніцай альбом з раслінамі з 25 лістоў. Аптэка-музей мае восем падобных незалежных лісткоў. У Доме-музеі Ажэшкі захаваўся "траўны" абраз, раздзелены на тры асобныя кампазіцыі. Самы ж круты гербарый Ажэшкі захоўваецца ў Познані - больш за 280 раслін! Цікавыя альбомы, створаныя пісьменніцай можна знайсці ў Варшаве, Вроцлаве і нават у ваколіцах Лондана! На фота: гербарый Ажэшкі з музея ў Гродне.

Прыдумаць пяць сказаў са словам “аліш”

Як правільна па-гарадзенску? “Алеж”, “аліш”, “але ж”? Любая з гэтых версій дапамагае адшукаць свайго ў любой кропцы свету. Проста ўявіце сабе гэты дыялог: - Скажы нешта па-гарадзенску! - Аліш ты! Ну і праўда, аліш файна становіцца на душы, калі чуеш гарадзенскі дыялект!